ЗАПА́СЫ КАРЫ́СНЫХ ВЫ́КАПНЯЎ,
колькасць мінеральнай сыравіны ў нетрах Зямлі ці на яе паверхні, вызначаная геал. разведкай або ў працэсе распрацоўкі радовішчаў. Па кожнаму віду карысных выкапняў падлічваюцца асобна для радовішчаў, рудных палёў, раёнаў, басейнаў, краін, кантынентаў і Зямлі. На комплексных радовішчах падлічваюць запасы асноўнага карыснага выкапня і таго, які залягае разам з ім, а таксама спадарожныя кампаненты, прамысл. выкарыстанне якіх мэтазгодна. Вымяраюць у адзінках аб’ёму ці масы, падзяляюць на балансавыя, распрацоўка якіх эканамічна мэтазгодная, і пазабалансавыя. Паводле ступені вывучанасці З.к.в. адрозніваюць разведаныя, якія служаць асновай праектавання і буд-ва гарнарудных прадпрыемстваў; папярэдне ацэненыя, якія з’яўляюцца рэзервам радовішча, і прагнозныя (геалагічныя), якія паказваюць перспектывы выяўлення прамысл. запасаў і вызначаюць мэтазгоднасць арганізацыі геолагаразведачных і пошукавых работ.
На Беларусі (на 1.1.1996) выяўлена і разведана каля 5 тыс. радовішчаў мінер. сыравіны, якія змяшчаюць каля 30 розных відаў карысных выкапняў. Магчымыя для здабычы запасы нафты вызначаны ў 338,3 млн. т; прагнозныя запасы бурага вугалю ўсіх геал. узростаў (неагенавы, юрскі, каменнавугальны) — 1350,8 млн. т; запасы торфу — 5,7 млрд. т; з іх даступныя для распрацоўкі — 558 млн. т; прагнозныя запасы гаручых сланцаў — 11 млрд. т; запасы калійных солей — больш за 6,4 млрд. т; кухоннай солі — каля 22 млрд. т; сапрапеляў — больш за 3 млрд. т; даламітаў — 768 млн. т (па Рубаўскім радовішчы даламітаў). Агульныя прамысл. запасы сыравіны для вытв-сці цэменту (мел, даламіт) складаюць 940,9 млн. т; вапны (мел) — 136,9 млн. т, буд. і абліцовачнага каменю — 588,1 млн. м³, кварцавых шкловых пяскоў — 15,2 млн. т, буд. і сілікатных пяскоў — 434,6 млн. м³, фармовачных пяскоў — 43 млн. т, пясчана-жвіровых матэрыялаў — 688,2 млн. м³, глін для вырабу цэглы — 251,6 млн. м³, тугаплаўкіх глін — 53,2 млн. м³, гліністай сыравіны для вытв-сці аглапарыту і керамзіту — 81,3 млн. м³. Прагнозныя запасы жал. руд Аколаўскага радовішча ацэньваюцца па ўдакладненых звестках у 500 млн. т, Навасёлкаўскага — 76,3 млн. т. Па стану на 1.1.1993 запасы фасфарытаў Сожскага басейна складаюць 30 млн. т, Прыпяцкага басейна — 52,9 млн. т. Прагнозныя запасы гіпсу складаюць 1026,9 млн. т, кааліну — 26,9 млн. т, пірафіліту — 4500 млн. м³, цэалітазмяшчальных трэпелаў — 214,4 млн. т (радовішчы Дружба і Стальное). Запасы глаўканітавых пяскоў у раёне г. Лоеў ацэньваюцца ў 15—18 млн. т.
У.Я.Бардон.
т. 6, с. 532